logo
ИСТОРИЯ ТЕАТРА ЭКЗАМЕН

31. Театр и драматургия в. И. Дунина-Марцинкевича.

Винце́нт Ду́нин-Марцинке́вич (Ви́ктор Ива́нович Ду́нин-Марцинке́вич; белор. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, польск. Wincenty Dunin-Marcinkiewicz; 4 февраля 1808 (по другим данным 1807[1]), фольварк Панюшковичи, Бобруйский уезд, Минская губерния — 21 декабря (по другим данным 29 декабря) 1884, д. Люцинка, Минский уезд, Минская губерния) — белорусский[2] писатель и драматург, классик белорусской литературы.

В. Дунин-Марцинкевич писал на польском и белорусском языке. В центре его художественных зарисовок стоит белорусская деревня, ее быт. Особое внимание уделяется белорусскому фольклору. Поэт красочно воспроизводит белорусские обряды (купальская ночь, дожинки, «дзяды», свадьба). Для творчества В. Дунина-Марцинкевича характерны элементы сентиментализма.

Формально-художественные средства не отличаются большим разнообразием. Его поэмы описательны, в изображение крестьянского и шляхетского быта вплетается незатейливая романтическая интрига. Пьесы В. Дунина-Марцинкевича остаются актуальным материалом для белорусских драматических театров. Устойчивой популярностью пользуется «Пінская шляхта», отличающаяся живостью диалога и удачным развертыванием комических ситуаций. Данная пьеса является классическим белорусским литературным произведением и входит в школьную программу, так же как и комедия «Залеты».

Авторство «Пинской шляхты»

Белорусский филолог, профессор Нина Мечковская в статье «Винцент Дунин-Марцинкевич не был автором водевиля „Пинская шляхта“» (Wiener Slawistischer Almanach 46, 2001) приводит аргументы, которые, по ее мнению, могут поставить под сомнение авторство известного драматурга: Дунин-Марцинкевич писал все свои произведения, используя только латинский шрифт, а рукопись «Пинской шляхты» написана кириллицей, автор «Пинской шляхты» многое заимствовал из комедии Ивана Котляревского «Наталка-Полтавка», а каких-то связей Дунина-Марцинкевича с украинской литературой до сих пор не обнаружено. Хотя действие пьесы якобы происходит в селе Ольпень под Давид-Городком, но белорусский диалектолог Фёдор Климчук утверждает, что она написана не на говоре Ольпеня, а на говорах сел возле самого Пинска, и предполагает, что её автором был пинский литератор Стефан Куклинский[4].

С версией Н. Мечковской несогласны исследователи творчества В. Дунина-Марцинкевича Адам Мальдис[5] и Геннадий Киселёв[6], отстаиваюшие версию об авторстве Дунина-Марцинкевича.

После подавления восстания Кастуся Калиновского в 1863 году. Среди узников Пищаловского замка Минска был известный белорусский писатель Винцент Дунин-Марцинкевич (срок отсидки: 1864—1865 гг.) и его дочь Камила, осужденные за распространение революционных листовок и активную поддержку восстания. Именно в тюремных стенах у писателя родился замысел главного своего произведения — романа «Пинская шляхта».

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - класік беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і драматургіі, паэт, тэатральны і грамадскі дзеяч.

Ёсць звесткі, што ў пачатку 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч некаторы час служыў аканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Пазней паколькі ён меў досвед працы з юрыдычнымі дакументамі, ездзіў па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці даверанай асобы сваіх кліентаў, займаючыся вырашэннем іх спраў. Шмат часу праводзіў у Мінску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці.

У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Першыя творы напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт "Спаборніцтва музыкаў", "Чарадзейная вада", а таксама "Рэкруцкі яўрэйскі набор" (у 1841 г. пастаўлена ў Мінску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны, як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям'і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты "Рэкруцкі яўрэйскі набор"). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п'ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце "Рэкруцкі яўрэйскі набор").

З сярэдзіны 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 г. у Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора - оперы "Сялянка" (пазней з'явілася іншая назва - "Ідылія"). Музыку да яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі з удзелам самога В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока прадстаўлены арыі і дуэты, харавыя нумары, а таксама танцы. "Ідылія" лічыцца прынцыповай з'явай у станаўленні новай беларускай літаратуры. Калі паны тут гавораць па-польску, то персанажы-сяляне - упершыню ў літаратурным творы - па-беларуску. Польскі вершаваны тэкст у свой час пераклаў на беларускую мову Янка Купала, празаічны - Язэп Лёсік. У "Ідыліі" В. Дунін-Марцінкевіч выявіў сябе як прыхільнік класавага міру і маральнага самаўдасканалення. Ён высмейваў фанабэрыстасць шляхты, сляпое захапленне ўсім французскім і адначасова ствараў вобраз добрага пана, які праз каханне да сялянскай дзяўчыны (тая ў рэшце рэшт аказалася ўсё ж пераапранутай паненкай) палюбіў сялян і хоча, каб і яны яго любілі. Такая ідэалізацыя рэальнага жыцця тым не менш не перашкодзіла паказаць у п'есе характэрныя народныя тыпажы. Сапраўдным героем твора стаў не пан, а селянін Навум Прыгаворка, войт (наглядаў за працай прыгонных). Яго вобраз для В. Дуніна-Марцінкевіча значыў вельмі многа, імя гэтага персанажа ён выкарыстоўваў у якасці свайго псеўданіма. "Ідылія" карысталася вялікай папулярнасцю ў Беларусі, яе тэкст перапісвалі і распаўсюджвалі ў рукапісных спісах, у друку з'явіліся рэцэнзіі на пастаноўку твора. Опера была пастаўлена ў пачатку 1852 г. у Мінску тэатрам Дуніна-Марцінкевіча, ролю Навума ў спектаклі выканаў сам аўтар.

Тэатр, або драматычны гурток, Дуніна-Марцінкевіча - створаны ім аматарскі тэатральны калектыў - існаваў у 1840-1850-я гг. Ён лічыцца першым беларускім нацыянальным тэатрам сучаснага тыпу. Трупа складалася больш чым з 20 чалавек, у іх ліку сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын, прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, існаваў і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п'есы Дуніна-Марцінкевіча. Публіка і тэатральныя крытыкі адзначалі выдатныя акцёрскія здольнасці самога драматурга. Тэатр прытрымліваўся традыцый народнага мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам. Пасля першай жа пастаноўкі "Сялянкі" дзейнасць калектыва была забаронена ўладамі, але спектаклі праходзілі (фактычна нелегальна) у розных гарадах Беларусі да 1856 г.

Дзеці В. Дуніна-Марцінкевіча - дачка Каміла і сын Міраслаў - у канцы 1840-х гг., яшчэ ў падлеткавым узросце, набылі вядомасць як таленавітыя піяністы-выканаўцы, выступалі з канцэртамі ў Мінску, Вільні, Кіеве, Варшаве. Бацька клапаціўся пра далейшае ўдасканаленне майстэрства дзяцей і ў 1851 г. звярнуўся да наследніка трона - вялікага князя Аляксандра Мікалаевіча з прашэннем аб іх залічэнні ў Парыжскую кансерваторыю на казённы кошт, аднак атрымаў адмову. Пазней Міраслаў вучыўся ў музычным інстытуце ў Варшаве. Каміла ж нават пісала музыку.

У 1850-я гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. У 1854 г. памерла жонка пісьменніка. Пазней ён узяў шлюб з Марыяй Грушэўскай. Літаратар часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1854 г. ажыццявіў паездку на Палессе. Некалькі разоў наведваў Шчаўры. Меў ён шырокія кантакты і з мінскай інтэлігенцыяй: паэтамі, музыкантамі, мастакамі, выдаўцамі.

У гэты перыяд упершыню ў Мінску выйшлі з друку яго паэтычныя зборнікі: "Гапон" (1855 г.), "Вечарніцы і Апантаны" (1855 г.), "Цікавішся? Прачытай!" (1856 г.), "Дудар беларускі, або Усяго патроху" (1857 г.). У выданні ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні, напісаныя не толькі па-польску, але і па-беларуску. Гэта паэма "Гапон" - першы твор В. Дуніна-Марцінкевіча, створаны цалкам на беларускай мове, дзе апісваецца ўмоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства. Беларускамоўныя аповесці "Дурны Зміцер, хоць хітры", "Стаўроўскія дзяды", "Купала", "Шчароўскія дажынкі" маюць выразныя фальклорныя матывы. Сярод апублікаваных у зборніках польскамоўных твораў найбольш значныя - апавяданні "Славяне ў XIX стагоддзі", прысвечанае барацьбе паўднёвых славян супраць туркаў, і "Літаратарскія клопаты" пра нялёгкі лёс пісьменніка, яго матэрыяльныя і душэўныя турботы, а таксама пра радасць ад людской падтрымкі. Апрача таго, у гэтых выданнях змешчаны і вершы на польскай і беларускай мовах.

Гэтыя публікацыі мелі рэзананс. У пецярбургскім часопісе "Сын Отечества" з'явіўся добразычлівы водгук "Беларуская літаратура", прысвечаны кнігам Дуніна-Марцінкевіча. Беларускі паэт і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля змясціў шэраг рэцэнзій у варшаўскім і віленскім друку, назваўшы творы Дуніна-Марцінкевіча "феноменам, вартым увагі з таго менавіта погляду, што Марцінкевіч, першы ўзяўшы ў свядомыя рукі беларускую дуду нашага народа, здабыў з яе песню, якую народ зразумеў".

У 1857 г. В. Дуніным-Марцінкевічам напісаны беларуская балада "Травіца брат-сястрыца", дзе аўтар чарговы раз выкарыстаў фальклорны сюжэт, і "Быліцы, расказы Навума", што складаюцца з вершаваных аповесцяў "Злая жонка", у якой асуджаюцца амаральнасць і распуста, і "Халімон на каранацыі", прысвечанай апісанню святкавання з нагоды ўступлення на царскі пасад Аляксандра II, які абяцаў дараваць народу доўгачаканыя "свабоды". Гэтыя творы былі апублікаваны толькі ў сярэдзіне XX ст. у савецкіх часопісах "Беларусь" і "Полымя".

У другой палове 1850-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму польскага паэта беларускага паходжання Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" - эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX ст. Гэта быў першы ў свеце пераклад славутага твора на іншую славянскую мову. Яго меркавалася выдаць у Вільні ў 1859 г., два першыя раздзелы (быліцы) з дванаццаці ўжо былі набраны і нават збрашураваны, але ў апошні момант (фармальна з-за таго, што тэкст быў пададзены лацінскім шрыфтам) цэнзура не дазволіла выхад, і амаль увесь тыраж знішчылі. В. Дунін-Марцінкевіч, спрабуючы ўратаваць выданне перакладу "Пана Тадэвуша", так абмаляваў сітуацыю ў сваім тлумачэнні ў Галоўны цэнзурны камітэт: "В наших провинциях из ста крестьян, наверно, можно найти 10, которые хорошо читают по-польски, когда, напротив, из тысячи насилу сыщется один знающий русский язык. То напечатав какое-либо белорусское сочинение русскими буквами, смело можно запереть оные в сундук, ибо... высший класс общества... не возьмет и в руки простонародной книги, а крестьяне хотя бы и желали читать повести и рассказы... не зная русских букв не в состоянии удовлетворить своего желания". (На той час беларуская мова ў афіцыйным ужытку не выкарыстоўвалася ўжо паўтара стагоддзя і старажытная традыцыя кірылічнага пісьменства, як і кнігадрукавання, была перарваная, а ў нешматлікіх публікацыях, дзе ўжывалася беларуская мова, як правіла, выкарыстоўваўся лацінскі алфавіт.) Аднак цэнзары з Санкт-Пецярбурга засталіся няўмольнымі. І толькі ў 1907 г. у пецярбургскім выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" на падставе захаваўшыхся матэрыялаў (вядомы 4 ацалелыя экзэмпляры) гэты пераклад Дуніна-Марцінкевіча быў выдадзены.

У 1861 г. у Вільні асобным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне "Люцынка, або Шведы на Літве" (напісана ў 1857 г.), дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга В. Дуніна-Марцінкевіча, выдадзеная пры яго жыцці.

В. Дуніну-Марцінкевічу былі блізкія погляды шляхецкіх рэвалюцыянераў пачатку 1860-х гг. У 1861 г. разам з У. Сыракомлем ён ездзіў у Варшаву, па дарозе ў розных населеных пунктах выступаў з патрыятычнымі прамовамі. Дзейнасцю пісьменніка зацікавілася паліцыя, аднойчы паліцэйскія ўлады нават выслалі яго з г. Коўна. У патрыятычным і дэмакратычным духу В. Дунін-Марцінкевіч выхоўваў сваіх дзяцей. Пісьменнік і яго сям'я мелі дачыненне да нацыянальна-вызваленчага руху, падтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Як пазней адзначалася ў заключэнні Часовага палявога аўдытарыята - карнага органа, які здзяйсняў расправу над паўстанцамі, "...Марцинкевич виновен в том, что он воспитывал семейство свое не в духе преданности правительству, вследствие чего и сам не может считаться вполне благонадежным в политическом отношении".

Вядомы два фотаздымкі В. Дуніна-Марцінкевіча, яны зроблены ў пачатку 1860-х гг. знакамітым мінскім фатографам А. Прушынскім. На адным з іх, групавым, сярод людзей, з якімі сфатаграфаваны пісьменнік і яго дачка Каміла, шмат хто апрануты ў вопратку паўстанцаў 1863 г. - чамаркі са стаячым каўняром і цёмнымі гарызантальнымі палоскамі на грудзях. На адзіночным здымку - сам В. Дунін-Марцінкевіч у чамарцы. Між тым нашэнне такой вопраткі было строга забаронена і невыкананне забароны сімвалізавала ўдзел яе носьбіта ў патрыятычным руху. Яшчэ ў 1861 г. жандарамі быў складзены спіс удзельнікаў палітычных дэманстрацый у Мінску, тых, хто спяваў забаронены рэвалюцыйна-патрыятычны гімн. Пад нумарам 1 у спісе значылася Каміла Дуніна-Марцінкевіч, пад нумарам 2 - фатограф Прушынскі. Паўстанец А. Свентаржэцкі ўспамінаў, што Люцынка была адным з апорных пунктаў паўстання ў наваколлі мястэчка Ракаў.

Улады падазравалі В. Дуніна-Марцінкевіча ў аўтарстве антыўрадавых выданняў, у прыватнасці агітацыйнай брашуры "Гутарка старога дзеда", дзе выкрываліся царскія парадкі, гучалі заклікі да сялян падтрымаць вызваленчы рух. У 1864 г. ён быў арыштаваны, больш як год прабыў у мінскім турэмным замку. Хоць галоўных абвінавачванняў даказаць не змаглі, на В. Дуніна-Марцінкевіча і яго сям'ю быў накладзены вялікі штраф, маёмасць часткова секвестравана (абмежавана права карыстання), яму самому прадпісвалася жыць, не выязджаючы з Люцынкі, пад наглядам паліцыі. Дачку пісьменніка Камілу на 10 гадоў выслалі на Урал, у г. Салікамск.

Апошнія дзесяцігоддзі жыцця В. Дуніна-Марцінкевіча (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х гг.) прайшлі ў Люцынцы. Жыў ён у той час адасоблена, толькі зрэдку прыязджаў у Мінск. У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч шмат пісаў, але ўсе спробы пісьменніка надрукаваць свае творы заканчваліся няўдачай. У 1866 г. ім была напісана на беларускай мове камедыя (ці, як вызначаў яе жанр сам пісьменнік, фарс-вадэвіль) "Пінская шляхта". Яна лічыцца лепшым з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай п'есе высмейваюцца фанабэрыя і адначасова страх перад уладамі дробнай шляхты, несправядлівы суд. Сцэнічнае ўвасабленне"Пінская шляхта" атрымала толькі ў 1917 г., пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў мінскім гарадскім тэатры. А ў 1918 г. п'еса была ўпершыню апублікавана - у газеце "Вольная Беларусь".

У 1868 г. В. Дуніным-Марцінкевічам створана польскамоўная паэма "З-над Іслачы, або Лекі на сон" (аўтар назваў яе "апавяданнем Навума Прыгаворкі"), дзе ідылічнаму ладу старасвецкіх шляхецкіх засценкаў, які адыходзіць, супрацьпастаўляецца новая рэчаіснасць з яе цынізмам і прагай нажывы. Упершыню гэты твор быў надрукаваны толькі ў 1984 г., ужо ў перакладзе на беларускую мову.

Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі "Залёты", якая выйшла з-пад пяра В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1870 г. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX ст. пераклаў Янка Купала, у 1915 г. "Залёты" былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п'есы адбылася ў газеце "Вольная Беларусь" у 1918 г.

У 1876 г. быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нядаўна зняты нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х гг. у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына.

У гэты час, як успамінаў адзін з колішніх вучняў школы вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., гаспадар фальварка шмат пісаў і захоўваў свае рукапісы ў вялікім куфры. Але большая частка напісанага не захавалася.

Памёр В. Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 г. (па новым стылі). Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.

* * *

Постаць і творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча з цягам часу становяцца ўсё больш значнымі для беларускай культуры.

Доўгі час, пакуль не сталі вядомы архіўныя дакументы, якія больш глыбока раскрылі В. Дуніна-Марцінкевіча як асобу, літаратара лічылі дваранскім рэвалюцыянерам, лібералам і сентыменталістам, слабым і непаслядоўным пісьменнікам з імкненнем да ідэалізацыі рэчаіснасці. Але за апошнія дзесяцігоддзі літаратуразнаўцы змаглі па-новаму ўбачыць яго як творцу і грамадзяніна.

Літаратуразнавец і археограф Г. Кісялёў адзначае: "Мы прывыклі на падставе творчасці лічыць беларускага паэта слабым і саладжавым... Але ёсць і другі Дунін-Марцінкевіч - моцны духам змагар за беларускую нацыянальную культуру, дэмакрат, які патрабаваў павагі да селяніна і ўзнімаўся да ўзроўню перадавых людзей свайго часу ".

"Няхай што хочуць гавораць, але ж гэта я першы паэзію нашага сялянскага люду апрануў у шаты народнай эстэтыкі, увёў на сцэну жыцця і пакінуў у шэрагу твораў айчыннага пісьменства, чым і ганаруся", - пісаў В. Дунін-Марцінкевіч.

Усё сваё жыццё В. Дунін-Марцінкевіч фактычна знаходзіўся ў супярэчнасці з царскімі ўладамі, хоць і імкнуўся не даводзіць да адкрытага канфлікту. Складаныя варункі эпохі, клопат пра сваю шматлікую сям'ю часам вымагалі ад пісьменніка не выказваць свае памкненні адкрыта, спрабаваць знайсці пэўны кампраміс, асабліва пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг.

Роля В. Дуніна-Марцінкевіча як аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры (у тым ліку драматургіі) і нацыянальнага тэатра надзвычай вялікая. Г. Кісялёў называе яго першым беларускім прафесійным пісьменнікам. В. Дунін-Марцінкевіч "прафесійны не ў тым сэнсе, што гэта давала яму сродкі для жыцця (хутчэй ён меў ад гэтага страты), а ў тым, што ён лічыў гэта галоўным у сваім жыцці". Першым класікам новай беларускай літаратуры называе пісьменніка даследчык яго творчасці Я. Янушкевіч. Апрача таго, В. Дунін-Марцінкевіч фактычна стаяў ля вытокаў новага нацыянальнага тэатра - ён выступаў у якасці не толькі драматурга, але і арганізатара тэатра, рэжысёра, акцёра.

Адным з першых ён зрабіў героямі сваіх твораў прыгонных беларускіх сялян. Таксама адным з першых многія з сваіх твораў напісаў на беларускай мове, якая ў яго час не толькі не мела афіцыйнага статуса, але і не была належным чынам распрацавана як мова мастацкай літаратуры. "Беларускай літаратуры тады, пасля доўгага заняпаду, па сутнасці не было, і менавіта Дуніну-Марцінкевічу давялося закладваць яе асновы, узнімаючы мову прыгнечанага селяніна да ўзроўню літаратурнай", - піша Г. Кісялёў. Літаратуразнавец В. Рагойша назваў дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча "подзвігам": "...У часы В. Дуніна-Марцінкевіча, асабліва ў першай палове XIX стагоддзя, калі ў Расійскай імперыі панавала яшчэ сярэдневяковае прыгоннае права, калі да сацыяльнага ўціску дадаваўся нацыянальны, калі некалькі стагоддзяў паланізацыі змяніліся на не менш вышуканую і гвалтоўную русіфікацыю, адкрыта, у друку заявіць, што беларускі селянін такі ж высакародны чалавек, як пан або царскі чыноўнік, што яго "простая мова" такая ж людская, як польская або руская, што "нямаш зямелькі, як Беларусь радзона!" - на гэта трэба была не толькі прадбачлівасць, але і мужнасць".

Як піша беларускі літаратуразнавец А. Лойка, у гісторыю беларускай літаратуры Дунін-Марцінкевіч уваходзіў як аўтар "Гапона". "У лёсе беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры паэма "Гапон" - твор этапны, у пісьменніцкім лёсе Дуніна-Марцінкевіча - прадвызначальны. Менавіта ім наша літаратура звяртала на сябе шырокую ўвагу, ім зацвярджаўся асноўным героем чалавек з народа, асноўным эстэтычным прынцыпам дэкларавалася ўвага да жыцця, працы і побыту прыгоннай вёскі, сцвярджалася эстэтычная каштоўнасць праяў жыцця народных мас, іх творчасці - фальклору, абвяшчалася эстэтычная каштоўнасць самой мовы мужыка, беларускай мовы. "Гапон" сыграў ролю як бы маніфеста новай беларускай літаратуры, яе першапачатковага, дэмакратычнага ў сваёй аснове ідэйна-эстэтычнага крэда".

В. Дунін-Марцінкевіч быў добра знаёмы з беларускай народнай творчасцю, шырока выкарыстоўваў фальклорныя здабыткі. У лісце да вучонага-славіста Я. Карловіча Дунін-Марцінкевіч пісаў: "...Я, пішучы апавяданнейкі не для дактароў філасофіі, а для сялян, прыбіраў тых дзетак майго духу не ў эстэтычныя сукенкі, а ў простыя народныя сярмяжкі, каб гэты цёмны народ не баяўся з імі пазабаўляцца".

"Няхай народнасць і дэмакратызм Дуніна-Марцінкевіча і шляхецка-абмежаваныя, але закладзеныя ім традыцыі былі вельмі плённыя для ўсёй наступнай беларускай літаратуры", - сцвярджае Г. Кісялёў.

* * *

Да вобраза Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго творчасці не раз звярталіся дзеячы беларускай культуры.

Помнік пісьменніку ўсталяваны ў вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна Мінскай вобласці, памятным знакам адзначана месца, дзе знаходзіўся яго дом. У Бабруйску перад будынкам тэатра стаіць бюст В. Дуніна-Марцінкевіча, на касцёле ўсталявана мемарыяльная дошка. На яго магіле ўжо ў наш час замест колішняга крыжа пастаўлены помнік-бюст (скульптар - Ю. Платонаў). На радзіме пісьменніка ў вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна ўсталявана мемарыяльная дошка. Выява В. Дуніна-Марцінкевіча адлюстравана на медальёне, памятных медалях, марках і паштоўках. Выпушчана юбілейная манета.

Да 175-годдзя В.Дуніна-Марцінкевіча была прымеркавана выстава ў Мінскім палацы мастацтва, у якой удзельнічалі больш за 100 мастакоў і прадстаўлены каля 160 твораў графікі, жывапісу, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а таксама скульптуры, плакаты, прысвечаныя асобе і творчасці пісьменніка.

Яго імем названы Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску, вуліцы ў Мінску і Маладзечне, гарадскім пасёлку Івянец і вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна. Створаны школьны літаратурны музей В. Дуніна-Марцінкевіча ў Пяршаях. Плануецца адкрыццё помніка пісьменніку ў Мінску і стварэнне музея ў Люцынцы.

Многае з напісанага В. Дуніным-Марцінкевічам узноўлена па рукапісных спісах іншых асоб і потым было апублікавана. У 1984 г. ўсё вядомае з літаратурнай спадчыны пісьменніка выйшла асобным выданнем. У 2007 г. выдадзены першы том двухтомнага акадэмічнага Збора твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, дзе яго паэзія і драматургія прадстаўлены як на мове арыгінала, так і ў перакладзе на беларускую (калі твор быў напісаны па-польску). Апрача таго, выйшла кніга, у якой на пяці еўрапейскіх мовах надрукавана камедыя "Пінская шляхта".

Творы В. Дуніна-Марцінкевіча ўключаны ў школьныя праграмы.

Яго п'есы "Сялянка" ("Ідылія"), "Пінская шляхта", "Залёты" шмат разоў ставіліся на сцэнах тэатраў, як прафесійных, так і самадзейных. Паводле "Пінскай шляхты" быў створаны тэлеспектакль.

Творы В. Дуніна-Марцінкевіча знайшлі ўвасабленне і ў музыцы беларускіх кампазітараў. Паводле камедыі "Пінская шляхта" Г. Вагнер стварыў оперу, а Р. Пукст напісаў музыку да драматычнай пастаноўкі. У. Кур'янам зроблена музычнае афармленне спектакля "Ідылія" ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Песні на словы пісьменніка пісалі І. Лучанок, З. Яўтуховіч.

Увага да асобы і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча праяўлялася як у Беларусі, так і за яе межамі. Пераклады твораў В. Дуніна-Марцінкевіча існуюць на нямецкай, рускай, украінскай, польскай, латышскай мовах. Яго творчасць аналізавалі польскія, украінскія, расійскія, англійскія, нямецкія, літоўскія, славацкія, югаслаўскія даследчыкі.

У 2004 г. у вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна, недалёка ад Марцінкевічавай Люцынкі, прайшлі V Міжнародныя Ракаўскія чытанні, прысвечаныя тэме "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і працэс міжславянскіх літаратурных узаемасувязяў".

200-годдзе пісьменніка адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. Удзел у мерапрыемствах з нагоды юбілею прымае Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).